Развітальны спектакль "Ой даўно, даўно... Беларускія гісторыі з Падляшша"
26.03.2014 у Тэатральнай акадэміі ў Беластоку Падляшскія хронікі развіталіся з публікай. Поўная заля гледачоў апошні раз паглядзела спектакль «Ой даўно, даўно... Беларускія гісторыі з Падляшша». Пасля спектакля адбылася прэзентацыя новага выдання кніжкі «Ой даўно, даўно...», якую ў цудоўным выглядзе выпусцілі ў свет дзякуючы перш за ўсё Юрку Асенніку. Закончылася звыш 5-гадовая вандроўка, найперш углыб сямейных гісторыяў, а затым вандроўка з гэтымі гісторыямі па блізкім і далёкім свеце. Адведалі мы: Супрасль, Пасынкі, Чыжы, Гарадок, Бельск Паддяшскі, Сынкаўцы, Ячна, Тымянку, Машчону Панскую, Белавежу, Орлю, Дубіны, Тыневічы Вялікія, Трасцянку, Гайнаўку, Студзіводы, Дубічы Царкоўныя, Нараўку, Дуброву Беластоцкую, Тэрэміскі, Чаромху, Крынкі, Варшаву і нават Нью Ёрк. Вядома найчасцей выступалі ў Беластоку. Дзякуем усім, хто нас запрашаў, усім гледачам, усім добрым людзям, якія дапамагалі нам пры стварэнні спектакля і двух выданняў кніжкі. Дзякуем Сейненскім хронікам і Тэрэмішчанскім аповедам за інспірацыю. Дзякуем Народнаму універсітэту ў Тэрэмісках за гасціннасць. Дзякуем Аліне Ваўранюк за апеку над групай і стварэнне спектакля. Маладым акцёрам дзякуем за задуму, ўсе эмоцыі і слёзы, якія спрадарожнічалі іхным аповедам.
Вашае меркаванне